Добрай традыцыяй у нашай установе дашкольнай адукацыі з’яўляецца святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы, якое становіцца яркай і значнай падзеяй, асабліва для выхаванцаў старшай групы. Да гэтага дня на працягу тыдня ў дзіцячым садзе праходзяць розныя мерапрыемствы, галоўнай пляцоўкай для якіх у асноўным выступае музейная экспазіцыя «Вытокі спадчыны». Аўтэнтычны куток “Беларуская хатка” дазволіў дзецям цалкам пагрузіцца ў атмасферу мінулага, дзе кожны прадмет побыту «размаўляе» па-беларуску.
З выхаванцамі праводзіліся тэматычныя заняткі, на якіх яны пазнаёміліся з гісторыяй свята і даведаліся, чаму родная мова называецца «скарбам». У інтэр’еры «Беларускай хаткі» дзеці размаўлялі на роднай мове, вывучалі назвы традыцыйных рэчаў, беларускага посуду і адзення. Падчас экскурсіі дзеці не проста разглядалі экспанаты, а знаёміліся з укладам жыцця нашых продкаў, дакраналіся да гісторыі рукамі.
На пряцягу тыдня педагагічныя работнікі праводзілі з дзецьмі сітуацыі маўлення на тэмы «Кажы са мной па-беларуску», «Чаму важна ведаць мову сваіх продкаў», “Мова, на якой размаўляюць у сям’і”. Гэта спрыяла развіццю маўленчай актыўнасці ў сітуацыі двухмоўя.
З вялікім задавальненнем і азартам выхаванцы ўсіх узроставых груп гулялі ў беларускія народныя гульні “Журавель”, «Міхаська», «Шэры кот», «Гарлачык», якія спрыялі засваенню новых беларускіх слоў лёгка і непрыкметна.
Правядзенне такіх тэматычных дзён і жывых экскурсій дапамагае дзецям адчуць сувязь з каранямі, робіць працэс навучання жывым і цікавым. Калі гучаць песні і вершы, а музейныя экспанаты ажываюць у дзіцячых руках, беларуская мова становіцца для іх блізкай, роднай і зразумелай. Родная мова — гэта наш гонар і скарб,гэта тое, што нас аб’ядноўвае!


